Праздник деревни

Свята вёскі

 

І няма ва ўсім свеце прыгажэй любімай вёсачкі маёй

  Пад такой назвай у мінулую нядзелю адбылося ўрачыстае святкаванне Дня вёскі Харомск. Але трэба дадаць, што яно было прысвечаная і яшчэ двум вёскам Харомскага сельскага Савета –Лісовічам і Угальцу. Таму гасцей каля Дома культуры сабралася многа.

  З прывітальным словам выступіў старшыня Харомскага сельскага выканаўчага камітэта Анатоль Скрабец.

  – Апошні раз мы збіраліся на Дзень вёскі пяць гадоў таму, – нагадаў ён. – Таму цудоўна, што з’явілася такая магчымасць – адзначыць гэтае свята. Я хачу пажадаць кожнаму жыхару нашых вёсак дабрабыту, здароўя і прыемных падзей. Са святам вас, дарагія аднавяскоўцы!

   У Харомску жывуць 650, ва Угальцы – 200 і ў Лісовічах – 190 чалавек. Дзеці з усіх трох вёсак наведваюць дзяржаўную ўстанову адукацыі «Харомскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа». Таксама ў вёсцы працуе фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, аддзяленне банка, адзін дзяржаўны і два прыватных магазіны.​

  Прастольнае свята ў Харомску адзначаецца 21 верасня – ​ у дзень Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.​

   Працягнулі знаёміць гасцей з вёскай вядучыя Дана Васільева і Наталля Кунай.

 

Той род добры, дзе старым павага і пашана

  Самым старэйшым жыхаром Харомска з’яўляецца Ева Аляксандраўна Антановіч, якой 12 ліпеня споўнілася 96 гадоў. На жаль, прысутнічаць на свяце яна не змагла, таму падарунак ёй перадалі праз родных. А вось Надзея Сямёнаўна, якой восьмага кастрычніка будзе 90 гадоў, прыйшла. Разам з мужам Іванам яны жывуць у пары 73 гады. ​

  Занатавала ўрачысты момант дачка Ганна. Сярод двух унукаў і шасцярых праўнукаў Надзеі Сямёнаўны і Івана Аляксандравіча ёсць урачы і настаўнікі, якія не забываюць свае карані і часта прыязджаюць у Харомск.

 

  І ў горы, і ў радасці

   Падарункі і віншаванні атрымалі залатыя юбіляры – Канстанцін Пятровіч і Паўліна Канстанцінаўна Дранцы, а таксама Рыгор Рыгоравіч і Ларыса Севасцьянаўна Шабунькі, якія сваім прыкладам даказалі, што сапраўднае каханне пераадольвае любыя цяжкасці.

   25 гадоў разам крочаць па жыцці Уладзімір і Наталля Супрунчыкі, а зусім нядаўна ўзялі шлюб ​ Іван і Таццяна Стасько, для якіх гучала: ​ «Горка».

 

Шчасце жыве ў доме, калі чуваць дзіцячы смех

  Гонар вёскі – мнагадзетныя сем’і. ​ 12 дзяцей ​ нарадзіліся ў Сцяпана і Таццяны Скулаўцоў, якія тутэйшыя жыхары. ​ Старэйшаму сыну Пятру – 19 гадоў і ён ужо студэнт, а самаму малодшаму – Эдуарду – усяго два гадочкі. Пашанцавала і бацьку, і маці, бо маюць шэсць сыноў і шэсць дачок. Цяпер чарга за ўнукамі.

   А вось самым меншым жыхаром вёскі з’яўляецца Вадзім Пархоменка, які месяц таму нарадзіўся ў Аляксандра і Фаіны. На свята бацькі вырашылі немаўля не браць, затое прыйшлі са старэйшымі сыночкамі – Максімам і двайнятамі Пашам і Сашам.

 

Хто працуе, таму і шанцуе

  Павіншаваў вяскоўцаў і старшыня КСУП «Прыгарынскі-2012» Алег Германовіч. А таксама ўручыў падзякі за шматгадовую плённую працу, актыўную жыццёвую пазіцыю лепшым работнікам гаспадаркі – трактарыстам-машыністам Сяргею Мамайку, Барысу Шыкунцу, Рыгору Бойку, у якога стаж аж 48 гадоў! Таксама адзначана падзякай і брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ​ Жанна Брышчук-Клімавец.​

 Нараўне з дзяржаўнымі арганізацыямі ёсць у вёсцы прыватнае ўнітарнае транспартнае прадпрыемства «ІланТранс». Яго дырэктар Лідзія Дранец уручыла падарункі супрацоўнікам і пажадала іх сем’ям дабрабыту і здароўя.

Без навук як без рук​

  Школа ў Харомску заўсёды славілася сваімі выпускнікамі. Сярод іх ёсць вучоныя, урачы, педагогі, тэхнолагі, аграномы і прадстаўнікі іншых прафесій. Многія знайшлі сябе ў іншых гарадах і нават краінах, але ў пашпарце месца нараджэння значыцца Харомск, а значыць, праслаўляюць сваю малую радзіму.

  Слова ўзяла дырэктар школы Ганна Трухановіч, якая за шматгадовую і плённую працу ўручыла Ганаровыя граматы прыбіральшчыку службовых памяшканняў Надзеі Максімовіч, настаўнікам пачатковых класаў Надзеі Домніч і Людміле Сапон, выхавальніку дашкольнай групы Марыі Дранец.

 

Гандляваць трэба ўмець

 Прыехаў павіншаваць жыхароў са святам дырэктар Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства Васіль Андрэйкавец. Ён уручыў граматы прадаўцам пятага разраду Таццяне Кунай і Таццяне Комік.​

  Дарэчы, гандаль на свяце ішоў бойка, стаялі сталы, за якімі збіраліся як малыя, так і дарослыя.

 

Віншаванні

    Многа слоў віншаванняў, пажаданняў гучала ў час святочнай праграмы.

    Музычную праграму падрыхтаваў Харомскі дом культуры.

  А вось гасцямі на свяце сталі калектыў з Рамля – клуб аматараў песні і гумару «Моства» і гурт «Згадка». Песні і нумары ў выкананні артыстаў настолькі прыйшліся даспадобы, што людзі пайшлі ў скокі.​

   Жыхарка вёскі Галіна Яснюк знайшла час прыехаць у рэдакцыю і выказала шчырыя словы падзякі ўсяму калектыву: «Ад імя ўсіх, хто быў на канцэрце, хачу сказаць вялікі дзякуй за цудоўны настрой, які падарылі нам госці. І паспявалі разам, і патанчылі. Малайцы, дзяўчаты – сапраўдныя артысткі».​

  Павіншаваць сваіх землякоў прыехаў прадпрымальнік Валерый Філановіч, які перадаў прывітанне старшынi СВК «Фядорскi» Рыгора Дзямко. Таксама Валерый выканаў некалькі песен і занатаваў свята на фотакамеру, каб потым зрабіць падарунак

  Стараста ў вёсцы – гэта чалавек, які жыве яе турботамі. Ім у Харомску вось ужо на працягу 15 гадоў з’яўляецца Канстанцін Гапко, якому Ганаровую грамату перадаў пракурор Столінскага раёна Дзмітрый Пазняк.

  Вёска Харомск мае свой непаўторны каларыт. Мне вельмі спадабаліся людзі – спакойныя, прыветлівыя, паважлівыя. Добра ​ прадуманая праграма і вядучыя нібы прафесіянальныя канферансье.​

  Добра, што зараз, у такі неспакойны час, праводзяцца мерапрыемствы, якія з’ядноўваюць людзей. ​

    Таму стаўлю Дню вёскі Харомск цвёрдую адзнаку «выдатна». Жадаю вёсцы росквіту і радасці яе жыхарам.

 

Ещё в этом разделе