История деревни Хоромск

Гісторыя вёскі Харомск

На поўдні Беларусі ёсць невялікі гарадскі пасёлак Тураў. Сціпла прытуліўся ён да пратокі шырокай ракі Прыпяць, што нясе свае воды ў Дняпро. Тураў калісьці быў цэнтрам асобнага Турава-Пінскага княства. Першае ўпамінанне пра Тураў адносіцца да 980 года, а першае летапіснае пра Пінск – да 1097 года. Гэтае княства займала басейн Прыпяці. У 12-13 ст.ст. Пінск і Тураў былі ўжо даволі буйнымі гарадамі.

Вёска Харомск таксама ўваходзіла ў Турава-Пінскае княства. Упершыню яна (Харомы) упамінаецца ў дароўнай грамаце апошняга Пінскага князя Фядота Іванавіча Яраславіча і пацвярджаецца каралём Сігізмундам I у 1523 годзе.

ХАРОМСК размешчаны на левым беразе Гарыні, у сямі кіламетрах на захад ад Давыд-Гарадка. На яго месцы даўней знаходзіліся харомы (хлявы) магната Патоцкага з прыгоннымі сялянамі. Потым Патоцкія прадаюць вёску магнатам Шпігановічам, а ў другой палове XVIII стагоддзя яе ўладальнікамі становяцца магнаты Радзівілы.

Мясцовае насельніцтва ўнесла свой уклад у справу барацьбы з мангола-татарскімі захопнікамі. Выхаваныя ў суровых умовах, воіны Залатой Арды былі вельмі вынослівымі, цярплівымі і загартаванымі. Да з’яўлення на землях нашай Бацькаўшчыны, яны заваявалі Кітай, Сярэднюю Азію, Закаўказзе і многія рускія княствы. З мангола-татарскай навалай наша Бацькаўшчына сутыкнулася ў 1240-1241 гадах.

Летапісцы паведамляюць, што мангола-татары рабілі набегі на беларускія землі перыядычна з 1258 па 1325 год. Яны ўжо рабавалі Брэст, Мінск і іншыя буйныя гарады.

У 1363 годзе Вялікі князь Літоўскі Альгерд разбіў трох татарскіх ханаў у басейне паўднёвага Буга. А ў 1527 годзе 20-тысячны атрад мангола-татар быў разбіты пад Целяханамі, Пінскам і Давыд-Гарадком. Рэшткі разгромленага атрада разбегліся і засталіся тут на аседлае жыццё.

Аб усіх гэтых падзеях сведчаць этнаграфічныя даныя, напрыклад, фасон адзення, яго нашэнне, ужыванне ў мясцовай мове “дзэкання” і “цэкання”, паходжанне некаторых прозвішчаў (Цандо, Бут-Гусаім) і іншае. У мясцовай гаворцы (Давыд-Гарадок) ужываюць гук “у” ў многіх словах: вуехаў, вукапаў, вупіць, вучарпаць і г.д., што характэрна для мовы мангола-татар.

Многім вядома лекавая расліна аер альбо як у нас яго называюць татарнік. Чаму менавіта так? Аказваецца, коней мангола-татары паілі ў тым месцы вадаёма, дзе расце гэта расліна, а таксама пілі гэтую ваду. Яны ведалі, што такая вада заўжды прыгодная для піцця. У ёй не бывае хваробатворных мікробаў. Яе называлі “здаровай” вадой, таму што аер валодае такой уласцівасцю, якая спрыяе гібелі гэтых мікробаў у водным асяроддзі.

Лічыцца, што іменна татары завялі гэтую лекавую расліну, бо яны вазілі з сабой нават кавалачкі карэнняў аера, кідалі іх у вадаёмы, паілі коней і пілі самі…

Адно з урочышчаў пад Давыд-Гарадком да нашага часу мае назву Татарская даліна. А рэшткі старажытнага ўмацавання ва ўрочышчы Селішча паблізу Харомска жыхары называюць Татарскай гарой. Усё гэта нагадвае нам пра гераічнае мінулае нашых продкаў.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года і Брэсцкай уніі 1596 года ўзмацніўся феадальна-прыгонніцкі і нацыянальна-рэлігійны прыгнёт. Гэта прывяло да росту антыфеадальных выступленняў сялянскай і гарадской беднаты. У 1595 годзе ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі на ўкраінскай Падолілі і Валыні. Затым Налівайка з тысячным атрадам рушыў у Беларусь, дзе атрад хутка папаўняўся. Паўстанцы завалодалі Слуцкам, Магілёвам і пайшлі на Рэчыцу, Петрыкаў, Тураў, Пінск.

У 1648 годзе на Украіне пачалося народнае паўстанне, якім кіраваў Багдан Хмяльніцкі. А летам 1648 года ў многіх месцах Беларусі ўспыхнулі хваляванні сялян. Жыхары Гомеля, Брагіна, Турава адкрылі вароты паўстаўшым. Паўстанцы занялі Кобрын і Брэст.

Неўзабаве паўстанне ахапіла і Пінск, на чале яго стаялі Іван Шэпеня, Рыгор Мяшковіч, Ермалай Веляснічкін і іншыя. Паўстанцы аб’ядналіся з казацкім атрадам Антона Нябабы. Да Пінска рушыла вялікае шляхетнае войска. Паўстанне было задушана.

Нашы продкі прымалі актыўны ўдзел у барацьбе супраць шведскіх заваёўнікаў у перыяд Паўночнай вайны (1700-1721 гг). У 1706 годзе шведскі кароль Карл XII спыніўся ў Пінску, шведы разбурылі замак князёў Вішнявецкіх.

У 1671 годзе ўспыхнула паўстанне сялян у вёсцы Плотніца Пінскага ўезда. Яно было накіравана супраць уніяцкіх святароў, якія дамагаліся закрыцця праваслаўнай царквы. А ў 1678 годзе зноў выбухнула паўстанне ў Плотніцы, у час якога быў забіты шляхціч Стэфан Савіцкі.

Нашы жыхары не засталіся ў баку ад падзей Айчыннай вайны 1812 года супраць французкіх захопнікаў. Жыхары навакольных вёсак Пінска дапамагалі воінам рускага генерала Запольскага разграміць 5-тысячны атрад французаў. Сяляне хавалі ад ворага прадукты і жывёлу. Многія пакідалі свае вёскі і хаваліся ў лясах.

Рэвалюцыя 1905 года ўскалыхнула і жыхароў Харомска. Сяляне патрабавалі ў пана Яцкоўскага і пані Кавальчэўскай вярнуць раней захопленыя абшчынныя землі. У гэтым жа годзе яны самавольна секлі панскі лес. Асабліва жыхароў Харомска натхняла барацьба сялян вёскі Пінкавічы, кіраваў якой К. Міцкевіч (Якуб Колас).

У 1917 годзе ў Століне быў утвораны бальшавіцкі Савет, які ўзяў уладу  ў свае рукі. А ў вёсцы Харомск быў створаны сялянскі камітэт. Гэта быў першы мясцовы Савецкі орган. Была таксама і камісія для падзелу панскай зямлі. У склад яе ўваходзілі сяляне Чурыловіч Цярэнцій Міхайлавіч, Скрабец Захар Фёдаравіч, Украінец Іван Рыгоравіч, Шабунька Ілья Фёдаравіч, Чурыловіч Марк Пятровіч і Яснюк Аляксей Яўхімавіч.

Пасля заключэння Брэсцкага міра (дагавора) наш край акупіравалі немцы, мясцовасць наша адышла да гетманаўскай Украіны. Месца царскіх паліцыянтаў занялі гетманаўскія наёмнікі-гайдамакі (гайдукі). Яны тэрарызавалі сваімі пагромамі нашу вёску Харомск. Жыхарам навакольных вёсак таксама жылося несоладка. Так, сялянам Рубля давялося тры дні весці барацьбу з атрадам гайдамакаў. Атрад быў разбіты ўшчэнт.

Па Рыжскаму мірнаму дагавору 1921 года наша мясцовасць перайшла пад уладу Польшчы. Улада гэтая трымалася амаль 20 гадоў.

У 1926 годзе ў Харомску была адкрыта пачатковая школа. Яна знаходзілася ў звычайнай старой сялянскай хаце. У школе працаваў адзін настаўнік. Заняткі праводзіліся на польскай мове. За карыстанне словамі роднай мовы вучні строга караліся. За 20 год польскай улады ў вёсцы не было ніводнага чалавека з сямігадовай адукацыяй. Усе кнігі, часопісы, газеты выдаваліся толькі польскай мове. Ва ўсіх органах улады сядзелі толькі польскія чыноўнікі.

У 1935 годзе ў Харомску была ўведзена хутарская сістэма. Гэта было крокам наперад у аграрнай і гаспадрчай справе. Але некаторыя бедныя сяляне, якія раней жылі за кошт абшчыннай зямлі, пасля рэформы былі пазбаўлены гэтага права. А сяляне Канапліцкі Майсей Васільевіч, Канапліцкі Пятро Васільевіч, Украінец Гаўрыла Іванавіч, Украінец Цімафей Фёдаравіч, Яснюк Уладзімір Аляксеевіч і іншыя зусім пазбавіліся надзела зямлі. Многія малазямельныя  сяляне атрымалі надзелы на затапляемых участках. У час паводкі сялянскія хутары плавалі ў вадзе. У Харомску налічвалася больш ста такіх “плаваючых” хутароў. Многія сяляне станавіліся батракамі, іншыя шукалі лепшай долі на чужбіне. Гапко Пятро Фёдаравіч, Шабунька Уладзімір Цімафеевіч, Шабунька  Максім Фёдаравіч, Яснюк Павел Дзмітрыевіч і некаторыя іншыя ўцяклі ў Савецкую Беларусь, а Пракопчык Пятро Васільевіч, Сенькавец Фёдар Якаўлевіч, Домніч Трафім Яўменавіч змігрыравалі ў ЗША. Многія з іх на Радзіму не вярнуліся. 

У 1937 годзе ў Харомск быў прысланы ўніят Аношка, які вёў прапаганду ўніяцкай царквы. Сярод жыхароў вёскі ўніят Аношка не знайшоў падтрымкі. Яму нават не далі правесці набажэнства. Аношку прагналі з сяла, а пры пераправе цераз раку ўніята скінулі ў ваду.

На працягу ўсёй польскай акупацыі ў Харомску працавала група камуністычных агітараў, якія расказалі людзям аб перавазе Савецкай улады, заклікалі змагацца з палякамі. Гэтымі агітатарамі былі ў Харомску Комік Андрэй Данілавіч, Тарасюк Андрэй Трафімавіч і іншыя. Некаторыя з іх былі арыштаваны.

У 1939 годзе Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У наступным  годзе беззямельныя жыхары Харомска атрымалі надзелы. Была адкрыта сямігодка. Сталі працаваць сельскі клуб і медпункт. Былі праведзены выбары ў мясцовыя органы Савецкай улады.

Пачалася вайна. 24 чэрвеня 1941 года вёска Харомск падверглася артылерыйскаму абстрэлу, у час якога была пашкоджана хата Домніч Т.В. і знішчаны армейскі аўтамабіль. Пасля таго, як немцы ўварваліся ў сяло, яны расстралялі пяць савецкіх воінаў і аднаго жыхара Трухановіча Якава Андрэевіча (той быў у рускай нацыянальнай вопратцы). Праз некаторы час быў расстраляны міліцыянер, якога выдаў адзін здраднік.

Жыхары вёскі прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. Каля 30 чалавек перайшлі лінію фронту і ўступілі ў Чырвоную Армію. Гапко Міхаіл  Гаўрылавіч, Румянцаў Уладзімір Аляксеевіч, Дранец Раман Пятровіч, Скрабец Уладзімір Антонавіч, Антановіч Іван Якаўлевіч, Антановіч Уладзімір Якаўлевіч і іншыя пачалі барацьбу з немцамі ў роднай вёсцы, а скончылі на тэрыторыі Германіі. Іншыя пайшлі ў партызаны, у атрад імя Ракасоўскага.

Першымі партызанамі нашага сяла з’яўляюцца Дранец Любоў Іванаўна, Украінец Рыгор Фёдаравіч, Тарасюк Уладзімір Андрэевіч, Домніч Аляксандр Андрэевіч, Гапко Іосіф Сцяпанавіч, Скрабец Барыс Захаравіч, Украінец Фёдар Піліпавіч, Антановіч Аляксандр Рыгоравіч. Многія атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.

Сувязнымі партызанскага атрада былі Украінец Аляксей Іванавіч і Гапко Іосіф Сцяпанавіч, якія ў 1943 годзе ўзялі ў палон нямецкага салдата і даставілі яго ў атрад. Сувязной была і Чурыловіч Ганна Маркаўна.

Настаўніца Бруцкая Яўгення Сяргеўна, якая не паспела эвакуіравацца, вучыла дзяцей па савецкіх падручніках. Яе высачылі немцы, ды, дзякуючы вяскоўцам, настаўніца засталася ў жывых. Яна ж дапамагла партызанам спаліць будынак школы, які немцы прыстасавалі пад ваенны шпіталь.

Фашысты прынеслі Харомску вялікі ўрон, яны спалілі мікрараёны Граду і Крынку. 158 юнакоў і дзяўчат былі вывезены на работы ў Германію. Пры адступленні ворагі замініравалі сенажаці і пашу паблізу сяла, адабралі амаль увесь гужавы транспарт. У нямецкіх лагерах загінулі 48 чалавек. Адзін толькі Дранец Аляксандр Майсеевіч вярнуўся дахаты, які быў вязнем лагера смерці Асвенцым (№ 158810).

10 ліпеня 1944 года войскі Савецкай Арміі разам з партызанамі вызвалілі Харомск ад акупантаў. Сяльчане пачалі хутка аднаўляць разбураную  гаспадарку. А 9 мая 1945 года ўсе святкавалі Перамогу.

Дзяржава выдзеліла 5 тысяч кубаметраў лесаматэрыялаў для будаўніцтва ўласных хат. Неўзабаве пабудавалі і новую школу, новы клуб, больш за 200 дамоў, храмы, медыцынскі і ветэрынарны пункты.

У пасляваенны час жыхары Харомска пачалі атрымліваць не толькі сямігадовую (васьмігадовую), але і сярэднюю і вышэйшую адукацыю.

У 1949 годзе ў Харомску арганізавалі калгас імя Кірава. У 1957 годзе з’явіліся радыё і электрычнасць. Жыццё харамчан становіцца больш заможным і культурным.

У 1957-1960 гадах у Харомску праводзілася хрушчоўская хутарская палітыка. Пад знос пайшлі дзесяткі сядзіб хутаран. Многія заможныя гаспадаркі былі ліквідаваны. Цудоўныя сады хутаран зруйнавалі бульдозерамі.

Крыху раней у свеце той жа хрушчоўскай атэістычнай палітыкі ў Харомску і ваколіцах камуністамі былі знішчаны ноччу ўпотай амаль усе крыжы, якія стаялі на скрыжаванні вуліц і дарог. Многія крыжы былі зарочнымі: той, хто такі крыж ставіў, даваў пэўны зарок, іншыя ўзводзіліся ў знак перамогі над ворагам ці ў знак адводу хвароб і няшчасцяў. Лічаныя крыжы засталіся стаяць на сваім месцы пасля той жудаснай ночы. Адзін з іх да гэтага часу стаіць на ўзвышшы ля ўрочышча Купленіца. У гады “перабудовы” з’явіліся ўжо новыя крыжы на скрыжаваннях вуліц Харомска.

У 1967 годзе зрабіла свой першы выпуск Харомская сярэдняя школа, навучэнцы якой штогод паступаюць у вучылішчы, тэхнікумы і універсітэты Рэспублікі Беларусь і за яе межамі. У 1990 годзе школьнікі сяла перайшлі вучыцца ў новы двухпавярховы будынак.

За ахвяраваныя грашовыя сродкі прыхаджан у 1994 годзе пабудавана царква Свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

Апрача настаўнікаў, урачоў, інжынераў і людзей іншых прафесій, якія родам з Харомска і працуюць у розных кутках краіны і за яе межамі, у нас ёсць і славутыя імёны. Гэта скульптар Дранец Аляксандр Валянцінавіч, урач Домніч Ала Іванаўна, доктар філасофскіх навук, прафесар Украінец Паўліна Пятроўна, былы загадчык аддзела ЦК КПБ Украінец Канстанцін Міхайлавіч, аграном Украінец Аляксандр Цімафеевіч, сталяр і мастак Сідарчук Рыгор Венядзіктавіч, музыкант і мастак Пышняк Васіль Васільевіч, былая загадчыца Маларыцкага РАА Украінец Галіна Лаўрэнцьеўна, аграном Патоцкі Віктар Юльянавіч, былы дырэктар Харомскай СШ і настаўнік вышэйшай катыгорыі Домніч Валянцін Рыгоравіч, мастак і музыкант Філановіч Валерый Уладзіміравіч і іншыя.

Вячаслаў Вячаслававіч Домніч,

ветэран педагагічнай працы

Ещё в этом разделе