21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

19.02.2021

Бедны той, хто не мае скарбаў вечных - скарбаў душы.

Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее,

Гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы...

Цётка

 

   Стала ўжо добрай традыцыяй у нас, ДУА “Харомскі ВПК яслі- сад – сярэдняя школа ”, штогод праводзіць Дзень роднай мовы.   

   Пераступаючы школьны парог, дзеці, бацькі і настаўнікі былі ў здзіўленні: іх сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. З самага ранку ў школе распачалася акцыя “Усміхніся, павітайся па-беларуску і атрымай…”, падчас якой дзяўчаты віталі кожнага, хто ўваходзіў у школу. А той, хто адказаў па-беларуску, атрымліваў цукеркі.

   Незвычайнай у гэты дзень была акцыя “Маё любімае беларускае слова”, дзе на вялікім аркушы паперы вучні на маленькіх каляровых сардэчках пісалі любімыя словы на роднай мове.  Прыемна было чытаць, што любімыя словы – гэта “шчасце”, “дзякуй”, “калі ласка”

   Гэтаму дню быў прысвечаны выпуск насценвыставы “Беларускія дзеячы пра родную мову”. Тут былі змешчаны выказванні беларускіх паэтаў пра родную мову. Таксама ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры знаходзілася інфармацыя з гісторыі заснавання Міжнароднага дня роднай мовы і рубрыка для цікаўных “Смак беларускай мовы”, “Апранаемся па-беларуску”, “6 прычын размаўляць па-беларуску”. Пазнавальнай была выстава “Чытайце па-беларуску”, дзе была размешчана інфармацыя пра цікавыя беларускія творы. Вучні маглі прачытаць невялікую анатацыю да твора і па QR – коду пачаць чытаць. 

  Дзень быў напоўнены змястоўнымі і цікавымі акцыямі і выставамі. Для ўсіх вучняў знойдзецца нешта сваё, тое, што ён запамятае надоўга. Галоўнае, каб вучні ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная. Таму кожны, хто нарадзіўся на гэтай прыгожай гасцінай зямлі, павінен не толькі валодаць ёю дасканала, але і шанаваць, захоўваць.

  Да слова, беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх моў. Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!

поделиться в: