Экскурсія ў музей драўлянай скульптуры в. Цераблічы

01.11.2022

Вучні 1-4 класаў у рамках акцыі "Карысныя канікулы" 1 лістапада наведалі музей драўлянай скульптуры в. Цераблічы.
Іван Супрунчук і дырэктар, і навуковы супрацоўнік, і аўтар мноства драўляных скульптур, і калекцыянер, і захавальнік мноства прадметаў церабліцкай даўніны.
Дзеці змаглі ўбачыць на ўласныя вочы працы мастака-разьбяра, які жыве тут ад нараджэння і стварае драўляныя скульптуры толькі адным інструментам - сякерай. Ніякіх іншых прылад і разцоў гэты мастак не прымяняе і не прызнае. Яго працы перадаюць душэўны стан аднавяскоўцаў. У драўляных выявах сябе пазнавалі жнеі, ваенныя ўдовы, вясковыя музыкі, сейбіты, дрывасекі, рыбак...
Іван-летапісец паказваў сялянскую долю, славіў простага чалавека за яго працу і цярпенне.
Дзецям спадабаліся ўнікальныя рэчы колішняга паляшуцкага побыту: вогнікі для здабывання агню, якім не менш за 200 гадоў, драўляныя лыжы для палявання, таксама вельмі старажытныя, дзіцячы, драўляныя цацкі...
Многія звычаі згубіліся і не запатрабаваны ў сучасным жыцці, але майстар іх "рэстаўрыруе" ў сваіх малюнках і скульптурах.
2022 год - Год гістарычнай памяці. Мы павінны ведаць і захаваць культавыя традыцыі і абрады, характэрныя рамёствы, поўную дыялектаў мову.
Іван Супрунчук здолеў застацца самім сабой, са сваім асаблівым стылем жыцця і творчасці ў спрадвечным коле штодзённых вясковых клопатаў.
Экскурсія была вельмі цікавай і пазнавальнай, пакінула ў душах дзяцей толькі станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і гонару за сваіх продкаў.

Класны кіраўнік 1 класа,

Федарчук Галіна Васільеўна

поделиться в: